ХВА́ЛІ ДЭ БРО́ЙЛЯ, хвалі імавернасці,

характарыстыка хвалевых уласцівасцей элементарных часціц; колькаснае праяўленне карпускулярна-хвалевага дуалізму матэрыі. Уведзены Л. дэ Бройлем (1924); іх існаванне пацверджана ў доследах па дыфракцыі часціц.

Кожнай часціцы з энергіяй E і імпульсам p адпавядае Х. дэ Б. з даўжынёй λ = h/p і частатой v = E/h, дзе h — Планка пастаянная. Хвалевая функцыя такой часціцы перыядычная ў прасторы і часе з адпаведнай даўжынёй хвалі λ і перыядам Τ = 1/v. Напр., для электронаў з энергіяй ад 1 эВ да 10 кэВ даўжыні Х. дэ Б. ляжаць у дыяпазоне рэнтгенаўскага выпрамянення.

т. 16, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)